19.10.2020. Председатель Витебского областного Совета депутатов В.В.Тереньев посетил ГУО «Средняя школа №1 г.п.Бешенковичи»

 У мінулую пятніцу Бешанковічы наведаў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў У. У. Цярэнцьеў. Рабочым візіт Уладзіміра Уладзіміра-віча на Бешанковіччыну нават не назавеш, кіраўнік дэпутацкага корпуса паўночнага рэгіёна краіны прыехаў да нас хутчэй у пошуках адказаў на актуальныя ў цяперашні час пытанні.

   Першымі, з кім пагутарыў У. У. Цярэнцьеў, сталі вучні СШ №1 райцэнтра. Уладзімір Уладзіміравіч і старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч пабывалі на занятку, які праводзіўся ў рамках праекта «Школа актыўнага Грамадзяніна». Разумеючы, што падлеткам, поўным жыцця і энергіі, пасля некалькіх урокаў наўрад ці хацелася слухаць якія-небудзь павучанні, госці прапанавалі пагутарыць не на збітыя тэмы, а пра ўнікальнасць нашага часу. І гэтым здолелі зацікавіць старшакласнікаў, утрымаць іх увагу.

   Чаму сёння моладзь імкнецца ў вялікія гарады? Чаго ім не хапае на сваёй малой радзіме? Разважалі над гэтымі злабадзённымі пытаннямі ўсе разам. Лізавета, вучаніца 10 класа, напрыклад, не хавала, што ў будучыні хацела б жыць і працаваць у Мінску, аргументаваўшы сваё жаданне тым, што, маўляў, у раёне для маладых людзей няма перспектыў. У сталіцы ж добрыя заробкі, усе ўмовы для кар’ернага росту, прыцягвае і больш развітая інфраструктура, магчымасць мець зносіны з цікавымі людзьмі…

Пераконваць школьніцу ў адваротным Уладзімір Уладзіміравіч не стаў, бо кожны мае права на ўласнае меркаванне. Але свой пункт гледжання ўсё ж агучыў. І зводзіцца ён да таго, што як прафесіянальна, так і асобасна чалавек можа рэалізавацца не толькі ў сталіцы. Ды і пра ўсім вядомую прыказку «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся» забываць не варта. Многія дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, палітыкі, вучоныя пачыналі працоўны шлях менавіта ў малых гарадах. Уладзіміру Уладзіміравічу ў свой час давялося папрацаваць у Мінску, ён займаў высокія пасады, была перспектыва атрымаць міністэрскую пасаду, але ўсё ж прыняў рашэнне вярнуцца на радзіму — у Віцебск, лічачы, што тут можа прынесці больш карысці.

— Перад тым, як сустрэцца з вамі, разам з Галінай Уладзіміраўнай мы праехалі па гарпасёлку, ён выглядае даволі дагледжаным, прыемна здзівіў мікрараён вуліцы Маладзёжнай, — падзяліўся ўражаннямі са школьнікамі У. У. Цярэнцьеў. — Новыя жылыя дамы, тратуары, дарогі — усё для людзей. І работы ў гэтым напрамку абавязкова будуць працягнуты. Вы скажаце, гэтага недастаткова, і ў нейкай ступені будзеце правы. Асноўнае пытанне, на якое нам сёння неабходна знайсці адказ, — што трэба рабіць дзяржаве для таго, каб моладзь, атрымаўшы адукацыю, вярталася ў рэгіёны і развівала іх?

   Бясспрэчна, будучыня краіны — за моладдзю. Якой яна будзе, у многім залежыць ад кожнага маладога чалавека, яго актыўнай грамадзянскай пазіцыі. У гэтым кантэксце У. У. Цярэнцьеў не мог абысці тэму масавых беспарадкаў на вуліцах сталіцы, удзельнікамі якіх, на жаль, часта становяцца маладыя хлопцы і дзяўчаты. Яны лёгка паддаюцца гучным заклікам і накіроўваюцца на плошчы, толкам не ўсведамляючы сапраўдных матываў усяго таго, што адбываецца, і не разумеючы сутнасць сваіх дзеянняў і эмоцый. У нашай краіне ёсць шмат разнастайных праектаў, акцый і цікавых мерапрыемстваў, куды можна накіраваць усю сваю энергію і праявіць свае здольнасці…

   У завяршэнне сустрэчы Уладзімір Уладзіміравіч выказаў упэўненасць, што кожны, хто на ёй прысутнічаў, знойдзе ў жыцці верную дарогу, застанецца патрыётам сваёй краіны, будзе шанаваць і берагчы мір і стабільнасць у грамадстве. А школьнікам, якім споўнілася 14 гадоў, выпаў гонар атрымаць з рук старшыні абласнога Савета дэпутатаў кнігу «Я — грамадзянін Беларусі!». Не застаўся без падарунка і шаноўны госць. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце А. У. Піскунова, якая ў вольны час займаецца вырабам арыгінальных лялек, падарыла Уладзіміру Уладзіміравічу адну са сваіх работ.

Святлана Варошка, http://www.gztzara.by/

WordPress theme: Kippis 1.15